Бухта адзінокага чалавека — страница 10 из 24

— Ты што, захварзла? — Вользе чамусьці здалося, што маці смяялася за сталом няшчыра.— Можа, табе не спадабаўся Іпіат?

— Ды не,— супакоіла Алена Канстанцінаўна: — Відаць, такіх хлопцаў цяпер мала засталося: і вясёлы, і тактоўны, і, мабыць, самастойны. Я пра іншае хацела пагаварыць…

Нешта стрымлівала Алену Канстанцінаўну. I хоць яна разумела, што лепшага выпадку, каб сказаць, што хутка прыедзе Ахрэм, можа, і не надарыцца, не магла заглушыць пачуццё няўпэўненасці. Яна баялася, што Ахрам зойдзе, калі яе не будзе дома, і застанецца сам-насам з дачкой. Але ж і папярэдзіць Вольгу было боязна. Яшчэ невядома, які прыедзе Ахрэм. «Хоць бы ліст напісаў,— у роспачы падумала яна.— Не, трэба счакаць».

— Дык што ты мне хацела сказаць? — здзіўлсна спытала Вольга.

Алена Канстанцінаўна вінавата ўсміхнулася, махнула рукой.

— От памяць стала. Ужо і забылася… А хлопец у цябе добры…

Яна ўбачыла, як у Вольгі шчасліва заблішчэлі вочы.

— Заўтра мы пойдзем у кіно, дык ты не хвалюйся. Добра?

— Ну як жа я магу не хвалявацца за цябе, дачушка? Ты ж у мяне адна.


На рабоце час цягнуўся як ніколі марудна. Рабіць асабліва не было чаго, бо ўпраўляючага трэста выклікалі ў абком. Каб нечым заняцца, Вольга перадрукавала пастанову, у якой учора нарабіла памылак.

Які раз ужо зазваніў тэлефон.

— Волечка,— пачула яна голас упраўляючага,— добра, што ты на месцы. Там у маім кабінеце на стале ляжыць папка, у якой спіс мерапрыемстваў па закансерваваных аб’ектах. Тэрмінова прывязі. Рыгор чакае ўнізе. Дамовіліся? Ага, добранька… У пакой першага сакратара.

Трэстаўская «Волга» стаяла ля пад’езда. Рыгор гасцінна адчыніў дзверцу.

— Прашу, славуты чалавек з нашага трэста…— ён прытворна ўздыхнуў.— Эх, і чаму ты не мой начальнік. Вазіў бы я цябе па атэлье, цырульнях, магазінах. Колькі блату займеў бы. А то ў шэфа ў галаве адны панелі, кафель і, прабач, санвузлы… Няма далягляду. Не, сапраўды кажуць хлопцы, што ў мяне на гэтай рабоце ёсць усяго два выйсці: ці стаць галоўным інжынерам, ці вар’ятам… Трэцяга не дадзена…

— Чаму ж не дадзена,— пасміхнулася Вольга.— Табе ж шэф абяцаў, калі ажэнішся, кватэру. Вось і шукай дзяўчыну.

— Залатая рыбачка,— зноў уздыхнуў Рыгор,— ты ж за мяне не пойдзеш, а іншую я сам не вазьму… Вось толькі, можа, кватэра спакусіць. Дык тады гэта мы проста: ажэнімся, а потым хуценька ў суд. Любата… Ёй пакойчык, мне пакойчык. Як гавораць, сэ ля ві…

Так за жартаўлівай гаворкай яны даехалі да будынка абкома.

Наведвальнікаў у прыёмнай не было, толькі сакратарка: жанчына гадоў за пяцьдзесят, з гладкай строгай прычоскай. На ёй быў сіні без усялякіх выкрутасаў гарнітур, які, мабыць, павінен быў падкрэсліваць афіцыйнасць установы.

Вольга бачыла сакратарку толькі аднойчы і таму, не ведаючы, як да той звярнуцца, моўчкі падала папку.

— Пачакайце трохі,— тонам настаўніцы прапанавала сакратарка.

Яна асцярожна адчыніла дзверы, але ў кабінеце доўга не затрымалася.

— Прасілі пасядзець у прыёмнай,— паведаміла сакратарка.

«Ну вось, так я і думала»,— засмуцілася Вольга.

Вялікі насценны гадзіннік прабіў шэсць. У сем пачынаўся сеанс, але яны з Ігнатам дамовіліся сустрэцца раней. Нарэшце выйшаў упраўляючы. Ён выглядаў чамусьці засмучаным, бо гаварыў не як звычайна жартаўліва, а заклапочана і амаль афіцыйна:

— Мне яшчэ трэба застацца. Адвязі, калі ласка, папку. Рыгору скажы, каб паставіў машыну ў гараж. Папярэдзь, каго трэба, што заўтра планёркі не будзе.

— От добра,— калі Вольга перадала словы Архіпа Пятровіча, узрадаваўся Рыгор.— Можна трохі і падзарабіць. Глядзіш, і пяцёрка-другая будзе ў кішэні на чорны дзень. Вялікая справа, калі цябе хаваюць не за казённы, а за ўласны кошт…

Хоць каля кінатэатра людзей было многа, Вольга адразу ўбачыла Ігната. Нават не падзякаваўшы Рыгору, яна выскачыла з машыны.

— А я ўжо думаў, нешта здарылася,— сказаў Ігнат.

— Затрымалася ў абкоме.

— Вось не ведаў,— засмяяўся Ігнат.— Трэба было б папрасіць бронь у кіно, а то для нас, грэшных, білетаў ужо няма.

— Ну і ладачкі,—узрадавалася Вольга.— Пагуляем трохі па вуліцы.

Яны ішлі, не выбіраючы дарогі. 3 неба надакучліва церусіў ці то апошні дожджык, ці то першы сняжок, але Вольга нічога гэтага не заўважала. Яна глядзела на Ігната, і ёй здавалася, што яна чуе ціхую-ціхую мелодыю, якая далятае з вокнаў дамоў, з машын, аўтобусаў, струменіцца з кожнага чалавека.

Тады ёй і сапраўды эахацелася пачуць музыку, якая гучала б толькі для іх з Ігнатам. Празрыстую, як цурчанне ручайка. Яна саромелася падзяліцца гэтым наіўным жаданнем. I чым больш яна сябе стрымлівала, тым мацней ёй хацелася прызнацца…

На скрыжаванні, пакуль яны чакалі, калі падміргне зялёным вокам святлафор, нехта высокі і дужы штурхнуў Ігната ў плячо.

— Здарова, курсант!..

У незнаёмца былі шырокія плечы, на якіх сядзела вялікая галава з капой густых валасоў і адкрытым шыракалобым тварам з чорнымі вачыма. Доўгія, закручаныя, бы ў запарожца, вусы надавалі яговаму абліччу выгляд бывалага марака.

— Не пазнаеш? — грымеў ён басам.— Вось табе і фокус-мокус. Тры месяцы разам шасталі па моры, дзевяноста абедаў праглынулі, столькі ж сняданкаў і вячэр, а ты не пазнаеш? Ну і галава бядовая: дзве мачты на адну антэну…— Ён са смакам аарагатаў.— Прасі, блудны сын, прабачэння, пакуль я ў гуморы.

На другім баку вуліцы ўжо некалькі разоў паспела ўспыхнуць і пагаснуць зялёнае святло, а Ігнат з гэтым мужчынам ціскалі адзін аднаго ў абдымках, нібы родныя браты.

— Дзяніс Пятровіч, з «Атлантыка»,— радасна гаварыў Ігнат.— Не чакаў убачыць. Казалі, што ты зноў у моры. Таму і не ўцяміў спачатку.

— Механік чорту душу прадаў. Недагледзеў машыну. Давялося вярнуцца ў порт.

Ён расхінуў рукі, нібыта зноў збіраўся абняць Ігната, але ж не абняў: запыніў позірк на Вользе. На імгненне ў ягоных цёмных вачах успыхнулі агеньчыкі.

— Вольга,— прыйшоў ёй на дапамогу Ігнат.— Мая… нявеста.

Ёй спадабаўся і той тон, і тая амаль дзіцячая сарамлівасць, з якой яе прадставіў Ігнат.

— Ну, я вас так проста не адпушчу,— сказаў Дзяніс Пятровіч.— Мне нядаўна пакойчык далі: на выпадак адляжацца ў бярлозе, каб судавое начальства прэтэнзій не мела…

Ігнатаў знаёмы жыў не ў новым мікрараёне, дзе, Вольга ведала, нядаўна давалі кватэры, а амаль у самым цэнтры горада ў старым пяціпавярховым доме, які пабудавалі адразу пасля вайны.

— Тут, братка, такая фурыя атрымалася,— паклаўшы руку на Ігнатава плячо, гаварыў Дзяніс Пятровіч.— Кухня ў мяне агульная. Два пакоі. У адным, значыцца, я, а ў другім жыве тралмайстар з «Булавіна». Дэмакратыя чыстай вады. Ён у мора, я — з мора. Так што, можна лічыць, у нас абодвух двухпакаёўкі. Адчуваеш, якая займальная арыфметыка? Ні табе скандалаў, ні суседства. Гэта ж колькі метраў жылля можна сэканоміць! Уявіць страшна…

Яны падняліся на другі паверх. Штурман дастаў з кішэні пінжака ключ са смешнай бірулькай: маленькая малпа прымервала на вочы акуляры. Калі ўвайшлі ў калідор, адразу кінулася ў вочы, што ў кватэры жывуць халасцякі: абы-як раскіданыя па падлозе, валяліся туфлі, на вешалцы віселі паліто, кіцелі і нават кашулі.

Дзяніс Пятровіч зрабіў вінаваты твар і задумліва пакруціў кончыкі вусоў.

— М-да, Вольга, не палохайцеся. Гэта і ёсць рыбацкая камуна. Мы з тралмайстрам прыкладна аднаго росту, вось і апранаем, што пад рукамі знаходзіцца. Флоцкая таварыскасць — ноеў каўчэг. I не толькі на моры, як многія штацкія лічаць…

Цяжка было ўявіць побач з Дзянісам Пятровічам яшчэ аднаго такога вясёлага і дужага чалавека.

I хоць штурман здаваўся вельмі шчырым, адкрытым мужчынам, Вольга ніяк не магла пазбавіцца ад пачуцця няёмкасці. Іскрыстае жыццялюбства Дзяніса Пятровіча дзейнічала на яе, як гіпноз. Ігнат ніколі не знаёміў яе са сваімі сябрамі, ніколі не запрашаў да іх у госці, і цяпер, убачыўшы Дзяніса Пятровіча, Вольга трохі разгубілася: ёй здавалася, што гэты марак з’явіўся з нейкага таямнічага жыцця, якое яна не зразумее. Вольга скоса зірнула па Ігната, і па ягонаму засяроджанаму твару здагадалася, што і ён адчувае сябе трохі не ў сваёй талерцы.

Толькі калі Дзяніс Пятровіч начаў адчыняць замок у свой пакой, Ігнат пажартаваў:

— А распінаўся — камуна. Што ж гэта за камуна, калі ў кожнага свой замок?

— Зашчэпка сапсавалася,— трохі збянтэжана прамармытаў штурман.

Пакойчык быў невялікі, але ўтульны. У куце каля акна стаяў тэлевізар, пасярэдзіне — паліраваны стол і некалькі крэслаў, уздоўж сцен — шырокая канапа і кніжная наліца,

Дзяніс Пятровіч уключыў таршэр.

— Калі вы будзеце гуляць вяселле,— сказаў ён,— дык я, халасцяк, пайду ў мора. Прапаную адсвяткаваць гэтыя падзеі авансам. Хадзем, курсант, дапаможаш прыгатаваць тайную вячэру.

Ігнат як бы выпадкова дакрануўся да Вользінай рукі, і Вольга адчула, што гатова ісці за Ігнатам на самы край свету. Яна цягнулася да яго, як танюсенькія галінкі пасля доўгай палярнай зімы цягнуцца да веснавога сонца, калі яно — вялікае і ружовае — няспешна выплывае з-за бліскучых, яшчэ заснежаных вяршынь сопак. Успамінаючы ўсё, што было з Ігнатам — ад нечаканага знаёмства і да гэтага вечара ў ягонага сябра,— Вольга каторы раз задавала сабе пытанне: як бы яна жыла, калі б не сустрэла Ігната?

Яна раптам выдумала, што гэта іхні з Ігнатам пакойчык, што няма ніякага Дзяніса Пятровіча, усё гэта іхняе: і канапа, і кніжная паліца, і акно, за якім падаюць у мора рознакаляровыя кроплі дажджу.

Падышоўшы да акна, Вольга адсунула шторы. Ніякага вясёлага дажджу не было. Хаваўся ў цемры вузенькі дворык, дзе акрамя голых дрэўцаў і дзіцячай альтанкі стаялі, прыціснуўшыся да пагорка, гаражы.

Тое, што Ігнат некалі надоўга пойдзе ў мора, цяпер, у гэтым утульным пакойчыку, не палохала яе. Думкі нечакана скіраваліся да бацькі, быццам Вольга зноў вярнулася ў дзяцінства, пачула зласлівы Пашкаў смех, зноў убачыла паліты горкімі слязамі бацькаў фотаздымак. Чаму бацька не вярнуўся? Яна дакарала яго за тое, што ён, пэўна, знайшоў нейкую жанчыну, не такую спакойную і падатлівую, як маці, а злосную, якая круціць ім, як уздумаецца, грызе за кожны ўспамін пра яе, Вольгу.