А што, калі і Ігнат аднойчы не вернецца? Вольга не паспела спалохацца ад гэтай думкі, бо на парозе, трымаючы перад сабой паднос, на якім ляжалі яблыкі і цукеркі, з’явіўся Ігнат. За ім, бы каржакаватае дрэва, узвышаўся Дзяніс Пятровіч. Ва ўзнятай руцэ ён трымаў пузатую бутэльку з нязвыкла яркай этыкеткай.
— Выпусцім джына на волю,— загрымеў басам Дзяніс Пятровіч.— Хай ён нас, рабоў божых, асяніць сваім велікадушным сімвалам. Каб наша жыццё заўсёды пенілася і бурліла, як добрае шампапскае.
Сабе Дзяніс Пятровіч паставіў крэсла, Вольгу з Ігнатам пасадзіў супраць на канапе.
— Да ачмурэння зайздрошчу маладым і наіўным, якім звычайная вада здаецца малаком,— з усмешкай растлумачыў ён.
Наліўшы трохі ў зеленаватыя празрыстыя чаркі, Дзяніс Пятровіч паглядзеў на Вольгу.
— Гэта каб у вас не склалася дрэннае ўражанне пра маракоў. На нас і так усіх сабак чапляюць. Ледзь што, дык адразу і выпівохі, і, выбачайце, бабнікі, і сам Нептун не ведае, хто яшчэ. А паглядзіце на нас з Ігнатам: чыстыя анёлы… Праўда, здараецца, што трэба паказаць шырокую натуру.— Ён жартаўліва прыклаў да грудзей руку і спытаў: — Я табе не расказваў пра сваю замежную адысею?
— Хіба ўспомніш, што ты расказваў, а што не,— адгукнуўся Ігнат.
— Я ў двух словах,—супакоіў гаспадар.— Сыходжу ў энскім порце на бераг. Задуха стаіць нясцерпная. Турысты ходзяць у тэнісках, а я, як апошні дурань, у форменцы. Але, на шчасце, натрапіў на невялічкі шынок. Заходжу туды: дым аж вочы выядае. Ды і публіка нейкая дробненькая…
— Побач з табой і асілак карлікам здаецца,— засмяяўся Ігнат.
— Ага, я і кажу,— пагадзіўся Дзяніс Пятровіч.— Але ж слухай далей. Прысаджваюся я да стойкі. Бармен, скнара сухапутная, капнуў мне ў чарку. Смех адзін, як кату валяр’янкі… Налівай поўную, паказваю. Ды не ў чарку, а ў фужэр.— Дзяніс Пятровіч здзіўлена вырачыў вочы, паказваючы, як разгубіўся той бармэн.— Налівае ён, а ў самога рукі дрыжаць, нібы ў паралітыка. Зноў заказваю тое ж самае і выходжу на вуліцу. А за мной — натоўп. Як за славутасцю нейкай. А бармен той, дакладвалі хлопцы, заікам стаў…— Штурман абвёў позіркам Вольгу з Ігнатам.— Дык хай нас заўсёды праводзяць у мора з усмешкамі, а сустракаюць са слязамі радасці на вачах…
— Ну, калі мы станем за хвіліну асушаць два фужэры,— засмяяўся Ігнат,— дык слёзы ў порце, канечне, будуць. Толькі не ад радасці…
— Во, у ім ужо квохча сямейны чалавек,— падміргнуў Вользе Дзяніс Пятровіч.— 3 такім разумнікам пражывяце як у бога за пазухай. Але ж калі шчыра,— уздыхнуў ён,— дык нічога такога не было з расейскімі матросамі. Ды і не магло здарыцца, калі на тых Канарскіх астравах душа на часткі разрываецца. Не выкрасліць з памяці, не забыць маленькіх жабракоў. Іхнія высахлыя, як ад старасці, рукі. I тыя песеты, што ляжаць у кішэні, нібы пякуць цела. Якая ўжо тут весялосць, калі ты не бегемот… Але ж цяпер мы дома! Разумееш, Ігнаце, дома. I я вельмі рады бачыць цябе з тваёй прыгажуняй…
Паступова, як вясной снег, растала пачуццё няёмкасці. Дзяніс Пятровіч аказаўся вялікім выдумшчыкам, расказваў столькі смешнага, якое нібыта здаралася на іхнім судне, што Вольга, як ні старалася выглядаць сур’ёзнай, проста не магла не здзіўляцца з ягонай вясёлай фантазіі. Ёй было ўтульна сядзець побач з Ігнатам, чуць, нібы прастуджаны, голас штурмана, і ведаць, што яна не лішняя ў гэтым пакоі, што патрэбна Ігнату, які так, каб не бачыў Дзяніс Пятровіч, ціхенька і пяшчотна гладзіў яе далонь.
Ад гэтай пяшчоты соладка дранцвела цела і паволі, нібы на каруселі, круцілася ў галаве. Часам яна не разумела, пра што яны гаварылі, але і не вельмі прыслухоўвалася, бо ўсё, што ёй хацелася ведаць, расказвала цёплая Ігнатава рука.
Дзяніс Пятровіч уключыў магнітафон. Вольга спачатку спужалася — яна не любіла грымотнай музыкі,— але, калі пакой напоўніўся ледзь чутнай самотнай мелодыяй, шчасліва ўсміхнулася. Захацелася тады, на вуліцы, пачуць ціхую-ціхую музыку — і цяпер гэтая музыка загучала для іх з Ігнатам. Схіліўшы галаву на плячо, Вольга прыслухоўвалася да павольнай мелодыі, а думкі яе былі далёка-далёка. Яна з Ігнатам дзесьці на беразе мора, сонныя хвалькі ліжуць жоўты пясок. Ігнат абдымае яе за плечы, а над імі струменіцца бляклае святло маладзіка — і гэтая бясконцая музыка.
У калідоры зазвінеў тэлефон. Дзяніс Пятровіч адчыніў дзверы, зняў трубку — Вольга ўбачыла, як ён незадаволееа паварушыў густымі бровамі, і ў яе к нядобраму ёкнула сэрца.
— Хто гэта, штурман? — спытаў Ігнат.
— Клоун адзін турбуе. Адмовіўся ад авансу. Гаварыў, што грошы яму не патрэбны, а ашчадную кніжку не хоча заводзіць, бо, бачыш, ён пралетарый… Прыкідваюцца ж людзі. Ну, а сёння ўдзень прынеслі тэлеграму, што захварэў бацька, дык хоча атрымаць валюту. А я яшчэ і суднавы казначэй.— Ён на імгненне задумаўся.— Дарагія госцейкі, праз нейкую гадзіну я вярнуся. Прашу, як родных, пачакайце. Не пакідаць жа пралетарыя ў бядзе?
Не чакаючы згоды, Дзяніс Пятровіч апрануў паліто. Вольга чула, як па лесвіцы разносіцца дробны пошчак, а потым усё сціхла. Ігнат трохі пабольшыў гук у магнітафоне. Па пакоі загойсала песня пра шчасце, якое абавязкова знаходзяць людзі, пра вясёлку, што асвятляе каханне.
Ігнат сеў побач, і яна пакорліва — на нейкае імгненне здалося, што, заплюшчыўшы ад страху вочы, скокнула з высокага берага — прыхінулася да ягонага пляча. Яна адчувала, як знаёмыя рукі лашчаць яе твар, шыю, як уся істота поўніцца трывожным чаканнем чагосьці невядомага і таямнічага, як, нібы ад марозу, схаладнелі кончыкі пальцаў. А голас усё яшчэ ціха спяваў пра шчасце, пра сонца, пра вясёлку — і, здавалася, гэтая песня вырываецца з яе грудзей, быццам птушка з няволі.
Ціха і стомлена Вольга апусцілася на тахту. Як праз смугу ўбачыла, нібы дзве трывожныя зорачкі,— вочы Ігната. Забыўшыся, дзе яна, што з ёй, Вольга абняла Ігната гарачымі, бы адталымі ўжо, рукамі. Ёй пачулася, што Ігнат нешта прашаптаў, але яна не зразумела, што менавіта: толькі ўбачыла, як балюча пакрывіліся ягоныя вусны. Нібы спякотны ветрык падзьмуў ёй у твар: Вольга адчула на сваіх вуснах Ігнатава перарывістае дыханне.
«Навошта гэта? Навошта?..» — маланкай кальнула палахлівая думка.
Вярнуўшыся да явы, Вольга ўбачыла, што Ігнат, абхапіўшы галаву рукамі, моўчкі сядзіць на канапе, і сэрца зайшлося ад перажытага пачуцця, а потым агарнула пагарда. Аднак гэта працягвалася нядоўга. Раптам Вользе захацелася суцешыць Ігната, схаваць ад яго сваю маўклівую і горкую пакуту, каб вярнулася да іх мінулае дзіцячае захапленне, якое нічым не азмрочвалася.
Але Вольга толькі шапнула, як цераз сілу:
— Правядзі мяне…
Тады, калі вярталіся дадому, яны не сказалі адно аднаму ніводнага слова. У пад’ездзе Ігнат, хаваючы позірк, датыкнуўся да яе шчакі, і Вольгу ўразіла, што ў яго такія халодныя вусны.
Яна чакала таго жахлівага імгнення, калі ўзненевідзіць Ігната. Ноччу, хутаючыся ў коўдру, яна баязліва праводзіла далонямі па сваім, здавалася, цяпер мяккім і падатлівым целе і ледзь не плакала ад крыўды. Кожны дзень стаў пакутлівы і доўгі, як і ночы, што не прыносілі заспакаення.
Аднончы Вольга выйшла з клуба і не ўбачыла Ігната. Яна азірнулася па баках, але яго не было. Тады яе агарнуў дзіўны неспакой. Захацелася гукнуць Ігната на ўсю вуліцу, каб пачулі людзі. Сэрца ў грудзях білася няроўнымі штуршкамі. I калі яна ўбачыла Ігната, які бег насустрач па вуліцы, салодкі, але і пакутлівы крык вырваўся з душы «Кахаю…»
I вось цяпер Ігнат не прыходзіў ужо тыдзень.
Вольга дастала з сумачкі паперку, на якой быў тэлефон Дзяніса Пятровіча. Ёй чамусьці здалося, што той павінен ведаць, дзе Ігнат.
Набраўшы патрэбны нумар, Вольга спахапілася: «А што сказаць гэтаму хоць і дабрадушнаму, але амаль незнаёмаму чалавеку?»
Яна павесіла трубку. «Не, трэба самой ехаць у вучылішча. А што, калі Ігнат захварэў і нават не можа пазваніць па тэлефоне? Ляжыць зараз дзесьці ў інтэрнаце, адзінокі і бездапаможны?»
Да шэрага з вузкімі вокнамі будынка, які стаяў на гары, вяла шырокая драўляная лесвіца. Па ёй стужкай плылі ўніз курсанты. Пэўна, скончыліся заняткі. Вольга падымалася па прыступках паволі, апусціўшы долу вочы, але адчувала на сабе цікаўныя позіркі хлопцаў. Яна наўмысна не ўзнімала вачэй. I не таму, што палохалася гэтых бессаромных позіркаў. Проста прыдумала, што нечакана пачуе знаёмы Ігнатаў голас. Але Вольга ўжо дайшла да параднага пад’езда — з белым брыльком над прыступкамі і масіўнай, абабітай узорным каваным жалезам дзвярынай,— а яе ніхто так і не паклікаў.
У вестыбюлі Вольга трохі сумелася: не хол, а ўстрывожаны мурашнік. Хлопцы лёталі па лесвіцы, як па трапе, нецярпліва тоўпіліся ля гардэроба.
Каб не замінаць хлопцам, Вольга адышла да вялікай чырвонай дошкі, на якой белымі квадрацікамі ляпіліся аб’явы. Яна трохі пастаяла, вырашаючы, што рабіць далей, потым машынальна прабегла вачыма гэтыя паперкі. Нечакана позірк спыніўся на знаёмым прозвішчы. Не верачы сваім вачам, Вольга яшчэ раз перачытала аб’яву: «...состоится открытое комсомольское собрание. Персональное дело… члена ВЛКСМ… Соблика И. С. Явка всех курсантов строго обязательна!»
За спіной Вольга пачула няроўнае дыханне, але не павярнулася.
— Такі кампот,— сказаў нехта заклапочана.— Спекулянта будзем судзіць…
Тады Вольга не вытрымала, падалася на голас.
— Каго судзіць? — спытала яна ў маленькага таўставатага курсанта.
— Каго, каго? — павёў плячыма той.— Ведама, спекулянта…
Раздзел дзевяты
Васіліна не падала выгляду, што здзівілася. Толькі трохі паружавелі шчокі. На ёй дамашні зялёны халацік, на якім былі раскіданы кветкі — такіх вялікіх чырвоных кветак Ахрэм ніколі не бачыў,— на нагах ладна сядзелі звязаныя з воўны шкарпэткі. На высокія грудзі спадалі валасы з ледзь заўважанай сівізной.
Зняўшы куртку, Ахрэм павесіў яе на вешалку і паглядзеў на Васіліну: мо не да часу прыйшоў? Тая неяк загадкава ўсміхнулася, адчыніла дзверы ў залу.
На канапе сядзела маладжавая жанчына і гартала часопіс. Яна з-пад чорных веек-матылькоў апякла Ахрэма пранізлівым позіркам — у яго аж узмакрэла спіна,— адклала ўбок часопіс і, падняўшыся з канапы, падала руку.