Бухта адзінокага чалавека — страница 12 из 24

— Зінаіда, мясцовая настаўніца.

Ахрэм паспешліва назваўся і падумаў: «Вось гэта ўзлез на рыфы. Хоць па Максіма бяжы…»

Пакой здаваўся вялікім, пэўна, таму, што сцены былі абклеены светлымі ў тонкае блакітнае павучынне шпалерамі. Крыштальная люстра на тры плафоны, якія вельмі нагадвалі ледзяшы, мяккі чырвоны дыван на падлозе, паліраваная секцыя, на паліцах якой іскрыўся дарагі посуд,— усё гэта пасля цеснай пярэдняй выглядала занадта шыкоўна.

Успомніўшы Васіліну ў ватоўцы, павязаную хусткай, ён міжволі падзівіўся і, як бы ў роздуме, паківаў галавой: вось табе і адзінокая жанчына.

«Трэба, пакуль не позна, шкандыбаць дадому,— падумаў Ахрэм.— Спакусіла нячыстая сіла…»

Ён не думаў, як гаварыў Хвалей, пра «лямур». Палохала сустрэча з Аленай. «А які я сам?» — хоць ён і не задаваў сабе гэтага пытання, але ж, адчуваў, яно жыло дзесьці ў ім. Ахрэму было і смешна, і сорамна. Трохі павагаўшыся, ён устаў з крэсла.

— Які вы нецярплівы,— павяла плячом Зінаіда.— Ва ўсіх вас гэта яшчэ з тых часоў, калі Адаму надакучыла Ева. Цяперашнія мужыкі недалёка адбегліся. Скажыце, чаму вы так любіце шукаць у нас недахопы? Я магу зразумець князя Уладзіміра, які, пры жывой жонцы, ажаніўся з сястрой візантыйскіх імператараў. Дык затое на Русі было прынята хрысціянства. А чаго вы дамагаецеся ад нас?

Сашчапіўшы па каленях рукі, Зінаіда чакала адказу.

«Прычапілася, як да донца ракушка…» — разгубіўся Ахрэм.

Але ж пакрысе прыходзіла адчуванне абвостранага спакою, што заўсёды дапамагала ў небяспечны момант.

— Цяжка з адукаванымі спрачацца,— упікнуў Забалотны.— Не хочацца выглядаць наіўным, як матрос-першагодак…

— Наконт наіўнасці гэта вы дарэмна. Траянскага каня некалі не жанчыны, мужчыны прыдумалі…

Не сварыцца ж у чужой кватэры? Зрабіўшы выгляд, што нешта забыў, Ахрэм рэціраваўся на кухню. Васіліна гатавала вячэру. Як заўсёды, калі прыходзіў у камбуз, Забалотны пацягнуў носам — пахла шкваркамі. Некалі і Алена, калі Ахрэм вяртаўся з промыслу, смажыла сала.

Вялікім намаганнем ён разарваў павучынне ўспамінаў. Паклаў руку на Васілініна плячо.

— Узяла мяне на абардаж твая прыяцелька,— паскардзіўся ёп.

— У кожнага сваё гора,— адгукнулася Васіліна.— Да нас рэдка шчаслівыя едуць.

Думаючы пра сваё, Ахрэм і не заўважыў, што гладзіць Васіліну па плячы. Схамянуўся, калі яна — ці то незадаволена, ці то сарамліва — скінула ягоную руку.

Ахрэм падаўся з хаты.

— Неспакойна штосьці: мо ледаколы прыйшлі?

Ён не стаў выходзіць на вуліцу: не хацелася, каб убачылі суседзі. Прыхінуўшыся да сцяны, ён нечакана падумаў, што вельмі падобны зараз на ганчака, які згубіў след. Ахрэма прыгнятала, што ён не мог узнавіць у памяці жонку, вылучыць яе сярод іншых жанчын, якія сустракаліся на яго вандроўнай дарозе. Якая яна цянер, Алена? Мо скептычная, як Зінаіда? А можа, прыціснутая, зломленая нягодамі, расчараваннямі ў жыцці? Ахрэм ніяк не мог вырашыць, чаго ў Аленіным пісьме было больш: шчырасці ці старэчай разгубленасці?

«Можа, яна сапраўды мяне кахала? Паддалася дурноце, а потым усё жыццё пакутавала? Я ж таксама не святы,— падумаў Ахрэм.— А Вольга хоць і балючая, але ўсё роўна зачэпка, каб сысціся на старасці?»

Здалося, што ён вяртаецца дадому са звычайнага рэйса, што там, на беразе, яго чакае Алена. Гэтае адчуванне было такое абвостранае, што Ахрэм, каб адагнаць насланне, прымусіў сябе ўспомніць адзін з нямногіх дзён, калі яны былі разам з Аленай.


Надвячоркам Забалотнага выклікалі ў кают-кампанію.

— Колькі табе, Ахрэм, гадоў? — без прадмовы спытаў капітан траўлера Старажэнка, якога матросы ахрысцілі «камарыкам» за невялічкі рост. Але, не ў прыклад многім недаросткам, быў Старажэнка чалавекам далікатным і памяркоўным.

— 3 вайной лічыць ці не? — няўдала пажартаваў Ахрэм.

— Дарэмна скаліш зубы,— паківаў галавой Старажэнка.— Ты, Ахрэм, яшчэ малады і многа чаго не разумееш. У нас як было: вернемся з промыслу — і адразу ў горад. Хочаш — ідзі з дзяўчынай у сінематограф, хочаш — мілавацца ў сопкі… Любата! А калі ажаніліся, дык жонкі чакалі нас, як мы чакаем берага. Ведалі, прыйдзем — і пачнецца ў іх расцудоўнае жыццё. А як жа інакш? У іх, нашых жонак, гэтых шчаслівых мінут — можна па пальцах пералічыць. А цяпер што робіцца? Катастрофа: на паўночным флоце столькі разводаў! Жах… I яшчэ раз жах…

— А я тут пры чым? — шчыра здзівіўся Ахрэм.

— Во малёк…— крутнуў галавой Старажэнка.— А пры тым, што не жадаю, каб з дапамогай нашага слаўнага экіпажа гэтая колькасць павялічылася. Думаеш, не заўважаю, што часам і без патрэбы соваешся па судне? Гэта ты ў моры глаўком палубы, а на беразе — муж. Мо ўжо не кахаеш жонку? Каб увечары быў з Аленай на танцах у клубе маракоў. Калі не ўмееш танцаваць, дык магу, на першы выпадак, паказаць некалькі па,— ён, смешна падкідваючы ногі, прайшоўся па палубе.

Па дарозе дамоў Ахрэм успамінаў словы Старажэнкі. I чым больш унікаў у іх сэнс, тым больш пераконваўся, што гэтыя словы яго не датычацца. Проста жыла ў Ахрэма непахісная вера ў самога сябе ды і ў жанчын. I хоць кожны раз, вяртаючыся з мора, ён знаходзіў у Алене новыя незнаёмыя рысы — веснавой кветкай расцвітала жаночая прыгажосць,— Ахрэм бачыў у ёй усё тую ж сарамлівую дзяўчыну, з якой некалі выпадкова пазнаёміўся каля прахадной.

Жонку ён застаў дома. Нахіліўшыся над тазам з вадой, Алена мыла бялізну.

— Кідай гэты абрыдлы занятак,— яшчэ з дзвярэй крыкнуў Ахрэм.— Пойдзем на танцы. А то пасівеем хутка: ты — у хаце, я — на моры.

Паправіўшы на скронях валасы, Алена паглядзела на яго недаверліва.

— Прызнавайся, завітаў у шынок?

Ахрэм гулліва перахрысціўся, падышоў да жонкі, датыкнуўся тварам да шчакі.

— За добрую работу білетамі прэміравалі. Дык пойдзем?

— Пойдзем, Ахрэмка, абавязкова пойдзем,— Алена ўспыхнула ў шчаслівай усмешцы.

3 такога незвычайнага выпадку Ахрэм апрануў новы кіцель, а Алена — блакітную сукенку, якую пашыла, пакуль ён бадзяўся па моры. Міжволі Ахрэм залюбаваўся жонкай, і гэтае замілаванне не пакідала яго і тады, калі яны поруч ішлі ў клуб маракоў, і пазней, калі апынуліся ў шумным, быццам веснавы грай, клубе.

Танцор з Ахрэма быў не дужа. Калі пачынала гучаць музыка, яму здавалася, што яго нехта сілком штурхае на лёд. I толькі шчаслівыя Аленіны вочы, яе затоеная радасць, якую яна, адчувалася, ледзь-ледзь стрымлівае ў сабе, прымушалі Ахрэма раз-пораз выходзіць у круг.

Калі аб’явілі перапынак, Ахрэм павёў жонку ў буфет. Як на тое ліха, усе столікі былі занятыя. Толькі ў самым куце, дзе звычайна адпачываюць афіцыянткі, за службовым столікам сядзеў хударлявы, з тонкай нітачкай вусоў на бледным, як зняможаным, твары мужчына. Убачыўшы Ахрэма, ён запрашальна памахаў рукой.

— Хто гэта? — шэптам спытала Алена.

— Кіраўнік ансамбля…

Ён не мог назваць гэтага хударлявага мужчыну ў добра пашытым касцюме сваім знаёмым. Неяк разам ляжалі ў бальніцы. Ахрэм — на абследаванні, а Валянцін, так звалі гэтага мужчыну, залечваў язву. Тады і пазнаёміліся. Кожны раз, калі ў палату заходзіў урач, Валянцін сустракаў яго арыяй: «0, дайте, дайте мне свободу. Я свой позор сумею искупить…» Але, відаць, ягоныя заклінанні не знайшлі водгуку, бо Ахрэма выпісалі раней. 3 таго часу ён больш не сустракаў Валянціна. Але цяпер, убачыўшы яго, узрадаваўся: усё ж такі не чужы чалавек.

Ахрэм адразу пазнаёміў Валянціна з жонкай.

— Завідкі аж бяруць,— прыязна ўсміхнуўся той.— Маракі, пэўна, замест рыбы русалак у акіяне ловяць. Калі муж гэтага не заўважае, дык паверце мне: вы, Алена, дзіва дзіўнае. Хоць маліся, як на ікону.— Ён з жартаўлівай вінаватасцю нахіліў галаву: — А цяпер вырашайце: пакараць мяне ці памілаваць?

У Алены ўспыхнуў, паружавеў твар, і Ахрэму стала прыемна, што Валянціну спадабалася яго жонка. Прыўзняўшыся з крэсла, Валянцін шчоўкнуў пальцамі, і да століка не падышла — падбегла немаладая ўжо афіцыянтка.

— Як справы, боцман? — калі адышлася афіцыянтка, спытаў Валянцін.— Усё ходзіш у мора? Не надакучыла яшчэ?

— Ад такой хваробы цяжка знайсці лекі,— ухіліўся ад адказу Ахрэм.

— Ведаю я вашы лекі,— прыжмурыў вочы Валянцін.— Што і казаць, беднавата пасля вайны жывём. Вось і вы ідзяце ў мора па грошы. А спасылкі на звычку — няўдалая спроба апраўдаць сваю жыццёвую канцэпцыю. Я ж не сцвярджаю, што жыву дзеля чыстага мастацтва. Каб існаваць, трэба мець кавалак хлеба.

— Дык і я не сказаў, што мне не трэба грошы,— спахмурнеў Ахрэм.

— Ведама, не сказаў, але ж мора не кідаеш…

Ён забарабаніў пальцамі па стале, з цікавасцю паглядаючы на Алену.

Пакуль Ахрэм разважаў над тым, што адказаць Валянціну, зноў зайграла музыка. Валянцін заспяшаўся.

— Цяпер мой выхад. Гэтую песню я дару вам, Алена…

Голас у Валянціна быў чысты і мяккі. Песня была пра маракоў, якія не заўсёды дасягаюць жаданага берага, пра любімых жанчын, што кожную раніцу глядзяць на мора,— і Ахрэму яна спадабалася. Па жончыных трохі засмучаных вачах ён здагадаўся, што і яе захапіла гэтая песня. Ахрэм з удзячнасцю паклаў сваю руку на Аленіну цёплую далонь. Даўно ўжо на душы не было так спакойна і хораша. Забалотны быў удзячны капітану за білеты, у душы злаваў на сябе, што сам ніколі не дадумаўся б прывесці Алену на танцы.


«Лепей бы я ніколі не прыводзіў туды Алену…» — уздрыгнуў Ахрэм. Яму стала холадна і няўтульна ў марознай халоднай ночы, дзе кожны чалавек — разумее ён гэта ці не — толькі нябачная пясчынка ў бясконцым акіяне цемры.

Выкінуўшы недакурак, Ахрэм падаўся ў хату. Балюча пырснула ў вочы яркае святло. Жанчыны сядзелі ўжо за сталом.

— Можна звяртацца на «ты»? — адразу спытала Зінаіда.

— Па-другому і не прывучаны.

Размова за сталом не клеілася. Ахрэм моўчкі торкаў відэльцам у талерку. Яго трохі бянтэжылі гэтыя такія розныя жанчыны, якіх ён яшчэ нядаўна не ведаў,— мяккая, памяркоўная Васіліна і фанабэрыстая, парывістая Зінаіда. Ды і горкі ўспамін пра Алену не пакідаў яго. Ахрэм тужліва падумаў, што ў той час, калі ён узяў Алену, у іхнім пакойчыку, які здаваўся вельмі ўтульным, не было ні дарагога посуду, ні багатай мэблі.