Хлопцы зарагаталі, хоць за рэйс і прывыклі ўжо да Максімавых жартаў.
«Цяжка вось без такіх, як Максім, у далёкай дарозе, у акіяне,— падумаў Забалотны.— Цяжка і сумна… Яны нібы бальзам да раны».
— Выскаляйцеся, галубкі, я пачакаю,— падахвоціў Максім.— Толькі на гэты раз можаце мне паверыць на слова. Маю вялікі асабісты вопыт. Мой бацька яшчэ толькі нядаўна кінуў плаціць на мяне аліменты. Ганарысты быў чалавек. I незвычайны. Гэта ж трэба: на ферме даільныя апараты ўстанаўліваў, а ў хаце нават цвіка не мог забіць. Вядома ж, куды да яго маці. Тая ў паляводчай брыгадзе спіну гнула…— Максім унурыў галаву, і ў яго перасмыкнуўся твар.— Відны быў мужык. Пад гальштукам… А да белага мядзведзя яму далёка, бо гэты чорт да ўсяго і аліментаў не заплоціць…
Забалотны падышоў да Хвалея.
— У цябе… праўда… бацька? — падбіраючы словы, каб незнарок не пакрыўдзіць хлопца, спытаў ён.
Максім зірнуў спадылба, і ў ягоных вачах не было ранішняй іроніі: толькі бясконцая журба.
— Ці ж гэтым жартуюць? — глуха азваўся ён і моўчкі падаўся на ніжнюю палубу.
Калі караван выйшаў на чыстую ваду, Забалотны злавіў сябе на думцы, што яму ўжо хочацца, каб гэты пераход працягваўся бясконца. Тады, калі «Хуткі», жалобна скрыгочучы корпусам, прабіваўся праз шчыльныя льды, яму здавалася, што ў гэтую белую пастку яны трапілі надоўга, і таму, як і кожнаму чалавеку, якому пагражае небяспека, Ахрэму карцела як мага хутчэй пазбавіцца ад яе. Цяпер жа, калі шчасліва размінуўся з рызыкай, Ахрэма палохала тая імклівасць, з якой «Хуткі» ішоў на захад.
Добра павандраваўшы па свеце, Забалотны разумеў, што яго сустрэне не той знаёмы прычал, да якога некалі даверліва туліліся азяблыя рыбалоўныя траўлеры. Даўно, відаць, знеслі маленькую скасабочаную хатку, дзе яны жылі з Аленай. Ад думкі, што той прыкіпелы да сэрца горад, адкуль пад бамбёжкай яны з Міколам-музыкантам выходзілі на катэры ў мора штурмаваць апошні безыменны астравок, што горад, у якім людзі, паспытаўшы ўдосталь пакуты і болю, як малыя дзеці, радаваліся кожнаму новаму саджанцу, кожнаму ўцалеламу бараку, стаў падобны на сотні іншых гарадоў, якіх не кранула вайна, шчымела сэрца. Ахрэму здавалася, што горад ягонага юнацтва здрадзіў яму, як некалі здрадзіла і Алена.
Але ж да Мурманска было яшчэ няблізка. Наперадзе чакаў порт Дзвінск — арктычныя вароты на захад і ўсход,— і Ахрэм вырашыў, пакуль ёсць вольны час, даведацца пра лядовую абстаноўку на маршруце.
Максім, падклаўшы пад галаву рукі, ляжаў на засланым ложку. Ён не паднімаў накрыўку ілюмінатара; у каюце было змрочна. Максімаў твар, здавалася, яшчэ больш схуднеў, нібы выцягнуўся, толькі чарнелі вусікі.
— Засумаваў? — спытаў Ахрэм.
— Ды вось ляжу і разважаю,— паварухнуўся Максім.— Чаму няроўна дзеліць бог? Ты толькі падумай, Піліпыч,— у ягоным голасе чуліся даверлівыя ноткі,— быў у мяне некалі сябрук, а мо і не сябрук — проста знаёмы. У вёсны, сам ведаеш, і хочаш абмінуць чалавека, ды не можаш. Хлопца таго Лёхам звалі. Ужо да чаго даходзіў: людзі ў поле, а ён да іх у хату. Але, як кажуць, не злавілі, дык не злодзей. А бацька ягоны быў чалавек. Аграномам у калгасе працаваў. Кожны каласок, кожнае зярнятка лічыў за жывую істоту. Неяк вяртаўся я ў вёску, якраз цераз поле. Гляджу, стаіць сярод жыта аграном у сваіх вялікіх акулярах і нешта гундосіць. Падышоў я бліжэй і чую, як ён з гэтым самым жытам размаўляе: «Ну што, мае сардэчныя, чакаеце дожджыку? От мае гаротныя, от мае пасохлыя… Ці не напаіў бы вас, каб я мог? Пачакайце шчэ трошкі. Будзе вам цёпленькі дожджык. Удосталь нап'яцеся». А на небе ніводнага воблачка, быццам нехта расцягнуў блакітную прасціну. Тады я ціхенька адбег убок і, калі аграном мяне ўжо не мог пачуць, рагатаў да слёз: гэта ж трэба з глузду з’ехаць, каб з полем, як з каханай, размаўляць. А цяпер на мой розум, — уздыхнуў Максім,— дык перад такім чалавекам на калені трэба падаць, бы перад іконай. Таму што сэрца ў яго шчодрае. А Лёха не разумеў яго, саромеўся. Можа, ад гэтага свайго дурнога сораму і не патой сцежцы пайшоў. Пісалі мне, што асудзілі яго. Вось які кіслы вінаград. Але ж я пра сябе. Горка, што вось у Лёхі, гэтага злодзея і прахіндзея, такі добры бацька, а ў мяне...— Мавсім устаў з локця, балюча прыкусіў губу.— Можа, я і пайшоў на флот, каб потым з гэтым аграномам на роўных пагаварыць. Можа, таму і добрае слова патрэбна, бо многа навокал чэрствасці...
Пра чалавечую чэрствасць Максім, відаць, загаварыў нездзарма, і Забалотнага ахапіла жаданне расказаць, чаму вяртаецца ў Мурманск, пра сваё жыццё, але той раптам ляпнуў сябе далоняй па лобе.
— Во! Тры халеры дзве чумы: ледзь не забыў. Табе радыёграма з Вялікай зямлі. Няўжо не ікалася?
Хвалей дастаў з шафы радыёграму. Але ж не аддаў, падняў яе над галавой.
— Танцуй, Піліпыч!..
Адчуваючы, як дрыжаць рукі Забалотны разгарнуў складзены напалам бланк, у адно імгненне прабег па ім вачыма: «Тэлеграму атрымала чакаю Алена».
Мабыць, Ахрэм меў дурнаваты выгляд, бо Максім упікнуў:
— Зыркаеш ты, Піліпыч, як вясковая баба ў метро…
— I ты, калі з маё пражывеш, будзеш не толькі па баках зыркаць, але і часам аглядвацца назад, дабрадушна адгукнуўся Ахрэм.— Ну і жыццё, ёлкі-палкі! То шторм, то зацішша…
Раздзел дванаццаты
Алена Канстанцінаўна пакутавала: нешта ў іх з дачкой зноў разладзілася. Вольга не грубіяніла, як было яшчэ нядаўна, але Алена Канстанцінаўна адчувала, што дачка нешта тоіць ад яе, што нешта яе турбуе. Вольга амаль перастала хадзіць на рэпетыцыі. Вечарам зачынялася ў спальні і не выходзіла аж да самай раніцы, калі ўжо трэба было ісці на работу. Алена Канстанцінаўна неяк запыталася ў яе, што здарылася, але Вольга прамаўчала. Толькі калі ўжо ўваходзіла ў свой пакой, азірнулася на парозе: «Кніжку цікавую ў сяброўкі ўзяла. Вось і чытаю».
Не паверыўшы ў гэтую адгаворку, Алена Канстанцінаўна ўжо мелася запытаць, чаму не прыходзіць Ігнат, але ўбачыла нязвыклую стомленасць у Вользіных вачах і прамаўчала.
Турбаваў і хваравіты неспакой дачкі. Раней, калі яны былі ў кватэры ўдзвюх, Вольга, калі хто званіў, ніколі першая не адчыняла дзверы. Чакала, пакуль за яе гэта зробіць Алена Канстанцінаўна, а цяпер, як толькі чула званок, стрымгалоў ляцела ў калідор. Вось тады Алена Канстанцінаўна і зразумела: нешта ў іх з Ігнатам здарылася.
Востра раніла і тое — хоць Алена Канстанцінаўна адганяла гэтыя думкі,— што Вольга магла ўжо нарабіць глупства, за якое потым трэба будзе расплочвацца. Яна ўспомніла Ігнатаў твар, ягоныя вялікія вочы з пушыстымі доўгімі вейкамі, па-хлапчукоўску задуменную сарамлівую ўсмешку, але цяпер Ігнат здаваўся няшчырымі і небяспечным.
Падышоўшы да акна, Алена Канстанцінаўна паглядзела на вуліцу. Там панавала густая смалістая цемра. Недарэчна ўспомніла: калі вярталася з атэлье дадому, над шэрым, як у дождж, горадам вісела маўклівае фіялетавае неба, а вось мінула якіх паўгадзіны — і быццам нехта нябачны і злосны пафарбаваў дамы ў чорны колер. У горад патроху, але настойліва і жорстка вярталася палярная ноч.
Яна баялася гэтай ліпучай цемры, якая нібы ахутвала ўсю яе істоту. Алене Канстанцінаўне тады здавалася, што яе накрылі званом і нейкі маленькі гномік, пра якіх яна чытала ў казках, б’е па ім «бом-бом…», абуджаючы ўспаміны.
Адчуванне адзіноты прыпшло да Алены Канстанцінаўны не ўчора і не сёння, а многа гадоў таму назад. Можа, пасля таго вечара, калі нейкі мічман прынёс ад Валянціна білет у клуб маракоў. Тады яна спачатку спалохалася, бо ёй здавалася няшчырым у адносінах да Ахрэма, які дзесьці марнаваўся ў моры, ісці адной на вечар. Але яна ўспомніла, як цудоўна спявае Валянцін, ягоную галантную ўважлівасць і прымусіла сябе паверыць, што Валянцін проста добры мужаў сябар, і таму не будзе нічога заганнага, калі яна прыме прапанову.
У клубе было ажыўлена і весела, і Алена Канстанцінаўна трохі разгубілася.
Нечакана нехта закрыў ёй далонямі вочы. Алена Канстанцінаўна пачула за спіной прыглушаны смех. Яна здагадалася, што гэта Валянцін, але чамусьці не пакрыўдзілася на яго. Стаяла, бы нежывая, нерухомая.
— А я, грэшным чынам, ужо думаў, што вы не прыйдзеце.— Валянцін зазірнуў ёй у вочы, і Алена Канстанцінаўна сумелася пад гэтым уважлівым, крыху патрабавальным позіркам.
Яна ўжо мелася нешта сказаць у сваё апраўданне, але Валянцін узяў яе пад руку і павёў па лесвіцы наверх. Яны прайшлі па калідоры і трапілі ў невялікую залу, застаўленую столікамі. За імі шугала, як полымя, весялосць.
Валянцін пасадзіў яе за столік, і па тым, што на ім ужо стаяла вячэра, Алена Канстанцінаўна здагадалася, што столік ён заказаў раней. Спачатку гэта яе насцярожыла, а потым стала хораша, што Валянцін аказаўся такім клапатлівым: Ахрэм, нечага падумала яна, ніколі не дадумаўся б да такога. Яна адчула лёгкае, амаль непрыкметнае расчараванне, што муж у яе такі няўважлівы.
— А дзе ж цяпер Ахрэм? — быццам незнарок, спытаў Валянцін.
— Зноў у моры,— адказала Алена Канстанцінаўна.— Другі ўжо месяц. Ну а дзе дакладна, дык і не ведаю. Мой муж,— і яна сама не чакала, што пра гэта загаворыць.— больш пра заробак думае, чым пра мяне...
Валянцін быў прыгожы. Аднак гэтая прыгажосць была не мужчынская, а нейкая хлапчукоўская. Хударлявы, з тонкімі рысамі твар, на якім, бы два карычневыя вугалькі, гарэлі глыбокія вочы, ледзь прыпухлыя вусны, прамы, як высечаны, нос — усе гэтыя знешнія прыкметы выяўлялі ў ім характар няроуны, імпульсіўны. Ён, мабыць, быў з тых людзей, якіх не могуць спыніць ніякія перашкоды, калі яны нешта ўзялі ў галаву. Гэтае адкрыццё нечакана напалохала Алену Канстанцінаўну.
Заўважыўшы. што Алена Канстанцінаўна вагаецца, Валянцін мякка датыкнуўся да яе рукі. Гэты дотык — можа, насмешлівы, а мо асуджальны — быццам працінаў яе наскрозь. Алена Канстанцінаўна таропка адняла руку. Валянцін паглядзеў на яе стомлена, няўцямна, але зноў-такі цічога не сказаў. Нешта падобнае на запозненае раскаянне кранула Алену Канстанцінаўну. Яна падумала, што дарэмна крыўдзіць Валянціна, які, відаць, нешчаслівы.