Бухта адзінокага чалавека — страница 2 из 24

Прыгледзеўшыся, ён убачыў, што Васіліна сядзіць на нешырокай, пэўна, збітай жаночымі рукамі, касабокай лаўцы. У шэрай хустачцы, ватоўцы і паношаных гумавых ботах, Васіліна нагадвала вясковую жанчыну, якая сабралася ў поле.

Мабыць, яна адчула на сабе Ахрэмаў позірк, бо паправіла хустку, устала з лаўкі. Нейкай стомленай хадой падалася да гурту, адкуль ужо даляталі гарэзлівы смех і задзірыстыя воклічы. 3-пад густых броваў яна, быццам асуджаючы, зірнула на матросаў, якія, пакідаўшы мяшкі, заляцаліся да жанчын.

— Боцман,— тулячы да сябе маленькую паўнаватую жанчыну ў чорным вязаным світэры, які быў добра пасыпаны мукой, крыкнуў Хвалей.— Дазволь прыгалубіць лепшую палову чалавецтва. Як адмірала просім. Ды ты не сумнявайся,— ён па-змоўніцку падміргнуў,— закон мора. Знойдзем і табе якую-небудзь перастарачку…

Максім красамоўна кіўнуў галавой у бок Васіліны. Тая, як бы зноў неахвотна, паглядзела на Хвалея, падышла бліжэй, моцна ўхапіла за робу. Той напалохана падаўся назад.

— Ты чаго прычапілася?

Васіліна трохі памаўчала, нібы прыцэньвалася да Хвалея, потым нечакана спытала:

— У цябе хустачка ёсць?

— Якая хустачка? — не зразумеў Максім.

— Трэба ж будзе табе выціраць пад носам, кавалер…

Жанчыны ледзь не паваліліся ад смеху. Відаць, яны добра вывучылі характар Васіліны, трохі пабойваліся яе языка і былі задаволены, што яна хуценька пагаліла чужога ўчэпістага чалавека.

«Не, гэта табе не Алена,— падумаў Ахрэм.— Такая сябе заўсёды абароніць…»

Ён з хваравітай цікавасцю чакаў, як выйдзе з няёмкага становішча Максім, які не прывык, каб над ім пасміхаліся. А той і праўда не збянтэжыўся. Зноў прыгарнуў да сябе паўнаватую жанчыну, нешта горача зашаптаў ёй на вуха, і тая, смеючыся, заківала галавой.

«Во прайдзісвет,— нават з адабрэннем падумаў Ахрэм.— Такі і родных дзяцей не будзе ведаць…»

Ён, як бы выпадкова, паглядзеў на Васіліну і ўбачыў, што і яна глядзіць на яго. У душы адразу стала горача, нібы хто туды лінуў варам.

— Хопіць мілавацца,— грубавата загадаў Ахрэм.— На судне чакаюць.

Хлопцы незадаволена загулі, а жанчыны абступілі Ахрэма, быццам хацелі ўзяць у палон. Боцману і самому хацелася яшчэ трохі пабыць у цяпле, пакупацца ў амаль хатняй утульнасці, пазнаёміцца з Васілінай, аднак гонар прымушаў ісці насуперак. Ахрэм і сам не любіў гэтую рысу свайго характару і не падманваў сябе, што яна падабаецца іншым.

Ён ведаў, што першы абурыцца Максім, і не памыліўся.

— Мы ж не адэскія грузчыкі,— узвіўся ён.— Маглі і памаленьку цягаць гэтую покладзь. Нас не шкадуеш, дык хоць жанчын пашкадуй. Змарнелі тут, красуні, без пацалункаў. Хоць на беразе, Піліпыч, не будзь эгаістам…

Можа, калі б Хвалей загаварыў неяк інакш, Ахрэм і дагадзіў бы хлопцам, якія і сапраўды засумавалі ў дарозе, але тое, што Максім крыўляўся, нібы малпа, прымусіла яго перапыніць Хвалея.

— Калі не хочаш жыць эгаістам, дык сёння пойдзеш перабіраць бульбу на камбуз…— і Ахрэм падаўся са склада.

Унізе, заціснутая каменнямі, ляжала бухта. 3 вяршыні сопкі яна нечым дужа нагадвала пабітую напалам талерку. 3 бакоў — шэрая акантоўка, а ўсярэдзіне — белае. Туман ужо не стаяў шчыльнай сцяной, а поўз да таросаў бялесымі пасмамі. 3 мацерыка дзьмуў слабы ветрык. Гэта Забалотнага ўзрадавала, бо вецер з сушы азначаў канец лядовай блакады.

— Дадому ідзеш? — пачуў ён напеўны голас Васіліны.

— Няма ў мяне дому…

Ён не азірнуўся, бо падумаў, што па вачах Васіліна выкрые яго ў хлусні. I разам з тым Ахрэм адчуў, як з душы ападае цяжар: захацелася простай чалавечай шчырасці, каб не думаючы ні пра што, узяць ды і падзяліцца з гэтай памяркоўнай, мабыць, трохі агрубелай жанчынай сваёй вялікай крыўдай, якая многа гадоў сядзіць у душы пякучай стрэмкай.

— Вось і ў мяне тут нікога не засталося,— уздыхнула Васіліна.— Толькі хата. А муж мой там…— Яна паказала рукой у бок акіяна.— На промысел хадзіў. Там і застаўся… Іншыя ўдовы хоць на магілу могуць прыйсці, а мне дык і гэтага бог не даў…

Здавалася, што Васіліна размаўляе сама з сабой. Размаўляе, пэўна, не першы год. Гэтае чужое гора кранула Ахрэмава сэрца.

— Мёртвыя і тыя робяць балюча… А што гаварыць пра жывых?..— азваўся ён.

Прыгадаўся маленькі пакойчык, у якім яны некалі жылі з Аленай. Заплаканыя жончыны вочы. «Нялюбы ты мне стаў. Няўжо не бачыш?»

Многа гадоў мінула з таго часу, але і ў моры, і беразе Ахрэма не пакідалі думкі пра Алену. Іншым разам ён адчуваў сябе вінаватым: за работай не разумеў жончыных клопатаў. 3 другога боку ўзнімалася крыўда: ці ж не для таго ён марнеў на рыбалоўных траўлерах, каб Алена жыла заможна? Цяжкім каменем ціснула на сэрца і тое, што ў іх не было дзіцяці. Сябры незласліва пасмейваліся, жартавалі, што ён баіцца сапсаваць жончыну фігуру, а Ахрэм толькі адмахваўся: «Нічога, браточкі, яшчэ колькі рэйсаў зраблю, збяру які-ніякі капітал, і завядзём мы дзетачак на ўсю боцманскую каманду…» Каб ён ведаў тады, якім бокам павернецца да яго гэтая мужчынская бестурботнасць.

Калі яны разышліся з Аленай, ён адразу падаўся далей ад дому — з Мурманска аж на Курылы. Доўгі час не ведаў нічога пра сваю былую жонку і толькі неяк гадоў праз пяць ці шэсць сустрэў знаёмага матарыста, з якім некалі разам плаваў. За чаркай успомнілі сяброў, сумесныя рэйсы, а потым той з п’янаватай шчырасцю сказаў: «Во, што яшчэ… Бачыў тваю Алену. Зух-баба: не паспеў ты з’ехаць, як яна выскачыла за музыканціка. Дачка ў іх нарадзілася. Калі не памыляюся, назвалі Вольгай…» .

Адчуваючы, як па-здрадніцку задрыжалі рукі, Ахрэм таропка засунуў іх у кішэні, прыхінуўся спіной да сцяны.

— Даруй, калі чым устрывожыла,— як вінаватая, сказала Васіліна.— А будзе час, заходзь. Я тутака непадалёку жыву. Кожны пакажа, дзе жыве Васіліна Соблік…

Ноч зноў прыціснула клопатамі. Вецер з берага толькі абнадзеіў, нібы паздзекаваўся. Як нечакана наляцеў, так незаўважна і сціх. Затое пачалі дрэйфаваць лядовыя палі.

Ахрэм ужо драмаў, калі яго выклікалі на хадавы мосцік. Уставаць не хацелася. Ламала цела, і балела галава, быццам прычапілася нейкая хвароба.

«Памерці спакойна не дадуць,— апранаючыся, думаў Ахрэм.— Здавалася, ужо неяк уладкаваўся ў жыцці, перахварэў мінулым, і на табе: зноў перакруціла-панесла няведама куды…»

Ён ужо меўся выходзіць з каюты, калі ўспомніў, што забыў цыгарэты. Выцягнуў са століка шуфлядку. У кутку ляжаў белы квадрацік — пісьмо ад Алены. «Калі можаш, прашу, вяртайся…» — адразу кінулася ў вочы.

Хоць і быў позні час, на мосціку хапала начальства. Капітан «Хуткага» Бокач — сярэдняга росту, шыракаплечы, з ранняй лысінай мужчына — павітаўся з Ахрэмам.

— Вось што, боцман. I ў бухце льды да нас дабраліся. Таму трымай у гатоўнасці падрыўную каманду. Хоць ледаколы і недалёка, але ж ніхто не ведае, што будзе далей…

— А сіноптыкі?

Бокач пабарабаніў пальцамі па шкле ілюмінатара.

— Южака́ чакаць не прыходзіцца… Эх, наша мужыцкая неарганізаванасць. Колькі часу дарэмна прастаялі ў порце пад пагрузкай. Цяпер вось таросы за горла хапаюць…

Пра таросы можна было і не напамінаць, бо Ахрэм чуў, як жаласліва скуголіць корпус выратавальніка і ўздрыгвае ад яшчэ нямоцных штуршкоў.


Раздзел другі


Тэлеграму прынеслі ўвечары. Алена Канстанцінаўна толькі вярнулася з работы, як у дзверы пазванілі. Яна падумала, што гэта зноў нехта да Вольгі і таму не вельмі ахвотна адчыніла дзверы. На парозе стаяла паштальёнка. I хоць не часта яна заходзіла, Алена Канстанцінаўна паштальёнку ведала, бо жыла тая ў суседнім доме.

— А я з радасцю да цябе, кабета,— яшчэ з лесвічнай пляцоўкі выгукнула яна.— Вяртаецца твой бадзяга. Бач, адумаўся на старасці, лысы чорт. Вось так швэндаюцца па свеце, пакуль хвароба ці яшчэ якая трасца не прычэпіцца, а тады зноў па жончыны лекі…

Алена Канстанцінаўна памкнулася спыніць паштальёнку, сказаць, што Ахрэм не вінаваты, але ж у час спахапілася: «Што гэта я? Сама, калі пераехала на новую кватэру, гаварыла, што Ахрэм кінуў мяне. Божа, якое глупства. Навошта?»

Ад хвалявання яна ніяк не магла разабраць тэкст: «Иду скорым Ахрем».

«Божа мой,— успыхнула яна,— дык гэта ён, мабыць, прыязджае поездам».

Думка, што вось зараз можа зайсці ў кватэру Ахрэм, яе напалохала: перад вачыма захісталіся сцены, мэбля. У знямозе Алена Канстанцінаўна абаперлася аб маленькі столік.

— Ты ж спалатнела ўся, гаротная,— успляснула рукамі паштальёнка.— Каб так за мужыка перажываць, дык хай у яго лепш вочы павылазяць…

«А хто ж мяне зрабіў гэткай гаротнай? — раптам падумала Алена Канстанцінаўна.— Ці ж не ўласнае глупства?..»

У зале Алена Канстанцінаўна не стала запальваць святло. Абхапіўшы галаву рукамі, доўга і бяздумна сядзела на тахце, потым схамянулася: трэба было нешта рабіць. Апрануўшы паліто, яна выйшла на вуліцу.

Памяць вярнула яе ў маладосць, у той спалены вайной горад, дзе палахліва ціснуліся да мора старыя пахілыя хаткі; у стары порт з ягонай абшарпанай прахадной, за якой яна хавалася, каб падпільнаваць Ахрэма… А вось як усё павярнулася. Толькі тэлеграма ў сумачцы ад незабытага, але вельмі далёкага чалавека, які, мабыць, ніколі не даруе…

«Хай будзе так. Сама вінаватая… Ніхто больш… Сама…»

Алене Канстанцінаўне раптам захацелася зрабіць сабе балюча, закрычаць ад пакуты і роспачы, заплакаць проста на вуліцы. Закрычаць ад таго, што не зберагла свайго шчасця з Ахрэмам, кінулася ў абдымкі прыгожага, але нікчэмнага мужчыны.

Кожны раз, калі Алена Канстанцінаўна трапляла на вакзал, яе агортвала пачуццё разгубленасці, нібы яна спынілася на скрыжаванні і не ведае, куды ісці далей. Назаўсёды ўрэзаўся ў памяць той па-веснавому сонечны дзень, калі, вярнуўшыся з работы, яна знайшла дома запіску: «Не шукай мяне. Грошы на дачку буду высылаць. Жадаю шчасця. Валянцін».

Гэта было жахліва. Яна бегла на вакзал, паўтараючы, нібы псалом: «Жадаю шчасця. Жадаю шчасця…» — і горкія, бы палын, слёзы рэзалі вочы. А потым быццам спатыкнулася аб халодныя бліскучыя рэйкі, якія беглі ўдалечыню. Тады ёй здалося, яна плыве ў неспакойным гомане: сярод людзей, устрывожаных гудкоў, адарваная назаўжды ад зямлі, але ўсё роўна бяскрылая.