Бухта адзінокага чалавека — страница 5 из 24

— Яна, мабыць, замуж сабралася,— смеючыся, упікнуў нехта.— Бач, спее, як сліва…

— Усяму свой час,— стараючыся, каб не выдаў голас, адказала Вольга.— Можа, яшчэ каго-небудзь з вас вазьму. Хоць аркестр на вяселле не наймаць.

Яна з палёгкай убачыла на тварах хлопцаў пацяплелыя ўсмешкі і раптам падумала, што проста выдумала Ігната, як у дзяцінстве часта выдумляла сны.

Гэтыя дзіцячыя сны яна цяпер успамінала паблажліва, са зласлівай перавагай над той маленькай і неразумнай дзяўчынкай, якая верыла ў цуд. Тайком, каб не бачыла маці, яна брала з сабой у ложак пацёрты бацькаў фотаздымак. У скураной чорнай куртцы, з-пад якой выглядаў паласаты нацельнік, Ахрэм стаяў на замшэлым валуне, а за ім бегла пеністая стужка вады. Ён стаяў і ўсміхаўся. Усмешка ў яго была ледзь заўважная — толькі трошкі пакрывіліся куточкі вуснаў — і сарамлівая. Вольга заплюшчвала вочы і думала, што гэта бацька ўсміхаецца ёй.

Яна пыталася ў маці, калі ж нарэшце бацька вернецца з мора, і тая адказвала таропка, нібы ў яе неставала часу: «Заняты ён вельмі, дачушка. Акіян ведаеш які вялікі…»

А час ляцеў імкліва. Не па гадах самастойная, Вольга і ў сваім двары не хацела адставаць ад хлапчукоў. Гуляла з імі ў «казакоў-разбойнікаў», лазіла па крутых схілах сопак, і толькі суседскі Пашка, малы і тоўсты, пасміхаўся, кпіў з яе вечна падранага твару і збітых каленак. Аднойчы, калі хлапчукі выбралі яе за атамана, Пашка не вытрымаў: штурхнуў яе ў грудзі так, што яна павалілася на зямлю. Ад нечаканасці яна спачатку акамянела, а потым, зразумеўшы, што не адолее Пашку, горка разрумзалася.

— Пачакай, таўстун. Вернецца бацька, дык табе ўжо прыпомніць…

— Так ён і вернецца да вас. Ды кінуў ён цябе. Ужо даўно кінуў…

Вольга закрыла далонямі твар і пабегла ў пад’езд. Маці, убачыўшы яе заплаканыя вочы, ускрыкнула, абхапіла за плечы:

— Што з табой, дачушка?

Грукнуўшы дзвярыма, Вольга зачынілася ў спальні. Яна чула, як маці торгае ручку. Крыкнула як не сваім голасам:

— Не чапай мянеі Хачу спаць…

Яна павалілася на ложак і адчула, як ліхаманкава дрыжаць плечы. Потым ёй захацелася ўбачыць бацьку. Яна дастала з шуфлядкі фотаздымак. «Бацька Ахрэм,— з адчаем прашаптала Вольга,— праўда ён хлусіць, гэты Пашка?..»

Бацька сарамліва ўсміхаўся. Яна пяшчотна пагладзіла фотаздымак, і ёй здалося, што бацькаў адбітак сагравае руку. Ласкавая цеплыня аж разлілася па ўсім целе.

Потым яна ўзяла другі фотаздымак. Той, дзе бацька сядзеў з маці на ганку. На ім бацька выглядаў задуменным, нават журботным, а маці вясёлай і бесклапотнай. Гледзячы на матчын высветлены ўсмешкай твар, Вольга раптам пачала малаціць кулачкамі па падушцы, думаючы пра маці: «Ілгуння, ілгуння…» У яе душы вырастала раздражненне да маці, якая ашуквала яе, добра ведаючы, што бацька ніколі не вернецца.

Былое пачуццё даверлівасці знікла, а матчыны клопаты пра яе здаваліся ненатуральнымі і няшчырымі. Вольга замкнулася, глядзела на маці падазрона і недаверліва.

3 часам яна многае зразумела. Убачыла, што не заўсёды ў людзей выходзіць так, як яны хочуць — нават у іхнім доме вунь колькі адзінокіх жанчын,— але не магла дараваць маці хлусні. Не даравала, як і Пашку, які адкрыў ёй вочы і ўраз забіў яе дзіцячае замілаванне бацькам… 3 якой хваравітай злоснай радасцю яна заўважала, як на выпускным вечары Пашка адзінока туляўся з кутка ў куток, употай пазіраў на яе. А пасля вечара чакаў, каб праводзіць дадому. Яна прайшла міма, зрабіўшы выгляд, што не бачыць яго, і адчула сябе амаль шчаслівай, нібы гэтым адпомсціла яму.

Пашка і потым амаль кожны дзень чакаў яе ля пад’езда. Увосень ён паступіў у інстытут. Цяпер Пашка не падыходзіў, але Вольга заўсёды адчувала на сабе яго вінаваты збянтэжаны позірк. I хоць дзесьці ў душы ёй падабалася гэтае ненадакучлівае заляцанне, яна рабіла выгляд, што не бачыць Пашку, моўчкі, не павітаўшыся, праходзіла міма.

Так працягвалася амаль цэлы год. Да таго самага вечара, калі яна пад’ехала да дома на таксі і Ігнат, выскачыўшы на тратуар, падаў ёй руку. Яна бачыла, як Пашка падхапіўся з лаўкі і, прыгорбіўшыся, падыбаў па вуліцы.

«Дзіўна ўсё атрымалася,— адчуваючы, як цёплая хваля абвалоквае грудзі, падумала Вольга.— Якое шчасце, што я не пайшла тады пеша…»


У той халодны пахмурны дзень, які, здавалася, мінуў толькі ўчора, рэпетыцыя сарвалася — захварэў кіраўнік аркестра,— і Вольга, трохі расчараваная, што дарэмна цягнулася ў клуб, выйшла на вуліцу.

Ісці было нязручна, бо дарога крута спускалася ўніз, ды яшчэ разгуляўся вецер. Перад самым праспектам Вольга паслізнулася і, стараючыся захаваць раўнавагу, ухапілася за першае, што трапіла пад рукі,— рэкламны шчыт. У сумачцы, якую яна трымала ў руцэ, раптам адскочыў замок: на асфальт насыпаліся пудра, губная памада, маленькае люстэрка — усё з дзявочага туалету. Вольга падабрала іх, таропка запхнула ў сумачку.

На прыпынак прыйшоў аўтобус. Вольга кінулася да яго, ускочыла на заднюю пляцоўку.

— Грамадзяначка,— нехта настойліва пакратаў яе за плячо.— Заснулі, ці што?

Перад Вольгай стаяла мажная жанчына ў сінім плашчы з павязкай на рукаве. Яна глядзела ёй проста ў вочы і, невядома чаму ўсміхаючыся, ківала галавой. Вольга таропка адкрыла сумачку.

— Адну хвіліначку…

— Ну што ты корпаешся? — пачула Вольга грубаватае пытанне і ўзняла галаву.

Каля кантралёркі стаяў высокі хлопец у паласатым світэры і падаваў той два талоны. Жанчына глядзела на яго падазрона, як бы разумеючы, што той не мае ніякага дачынення да Вольгі.

— Дык што, гэта твая? — нарэшце спытала кантралёрка.— Дзяўчына, ці як?

— На дзяўчат цяпер не вельмі раскашэльваюцца. Можна сказаць, апошні абавязак перад скасаваннем шлюбу,— адказаў ён і, нахіліўшыся, зашаптаў на вуха: — Жонка. Вазілі ў суд дакументы…

— Што ж так? —- палагаднеўшы, спытала кантралёрка.

Хлопец развёў рукамі.

— Я не бог, ды і яна не анёлак…

Вольга памкнулася прызнацца, што згубіла кашалёк, а там хай будзе што будзе, але хлопец, нібы здагадаўшыся пра яе намер, павярнуўся і падміргнуў. Вочы ў яго — гэта, бадай, і спыніла Вольгу — былі дзіўныя: прадаўгаватыя, з зеленаватым адценнем, а вейкі — пушыстыя і доўгія. Ад усёй ягонай ладнай фігуры веяла мужчынскай — даўно ўжо не хлапчукоўскай — грунтоўнасцю, пра якую ён, мабыць, яшчэ і сам не здагадаўся.

Раптам яна ўявіла побач з гэтым высокім, плячыстым хлопцам няўклюднага, хоць і ўзмужнелага Пашку ў ягоных вялікіх акулярах, і яе вусны кранула ўсмешка.

— Ну як, мінуў шок? — дружалюбна спытаў хлопец.— Я дык неяк у адпачынак ляцеў. Прыехаў у аэрапорт, палез у кішэню, а білета няма. Гэта, я вам скажу, быў малюначак! А вы перажываеце: талон!

Штосьці непасрэдна шчырае было ў ягоным абліччы. Вольга не магла зразумець, што менавіта, але з той хвіліны, калі ён звярнуўся да яе, паглядзеў пранікнёна і весела, Вольга адчула нейкае патаемнае незнаёмае дагэтуль хваляванне.

Убачыўшы, што аўтобус падыходзіць да прыпынку, Вольга памахала хлопцу рукой і пачула ў адказ, як даўно вырашанае:

— Заўтра ў шэсць гадзін на гэтым прыпынку. Раней не магу — заняткі.

Гэтыя словы зноў узлавалі Вольгу. Не таму, што яна не хацела іх пачуць: укалола хлопцава самаўпэўненасць. Але чым далей яна адыходзіла ад прыпынку, тым мацней яе агортваў дзіўны неспакой. Вользе спадабалася, што хлопец не выказаў асаблівай настойлівасці: не прычапіўся, каб правесці яе дадому.

У спальні Вольга доўга стаяла перад люстэркам, глядзела на свой твар так, нібыта бачыла яго ўпершыню. Яе засмуціў трохі кірпаты нос. Мабыць, калі яна размаўляе з хлопцамі, тым здаецца, што яна грэбліва ставіцца да іх. Гэтае адкрыццё яе трохі ўстрывожыла. Ужо адчуваючы, як яе ахоплівае салодкая дрымота, Вольга падумала, што пойдзе на спатканне, але не будзе размаўляць з хлопцам: проста верне талон.

Хлопца яна ўбачыла яшчэ здалёку: той стаяў каля слупа і глядзеў сабе пад ногі. Тое, што ён не зыркае па баках, як гэта робяць іншыя, таксама ёй спадабалася. Апрануты хлопец быў не так, як учора: на ім быў цёмна-сіні касцюм, белая кашуля, а ў руцэ ён трымаў плашч.

— Добры вечар,— сказаў хлопец і падаў руку.— Будзем знаёмы, Ігнат.

Ён нечага палез у кішэню. Вольга падумала, што хлопец, няйначай, узяў білеты ў кіно. Здагадка гэтая і рассмяшыла, і засмуціла яе: відаць, усе хлопцы аднолькавыя. Моўчкі падала талон, які купіла па дарозе.

— Дзякую,— не здзівіўся Ігнат,— я так і думаў. Мо ў вас і аўтаручка ёсць?

Вольга збянтэжана палезла ў сумачку.

— А цяпер, калі ласка, распішыцеся,— папрасіў Ігнат.— Не так многа дзяўчат, якія не падманьваюць хлопцаў ды яшчэ вяртаюць пяцікапеечны талон…

Вольга хоць і адчула сябе ніякавата, але ж і ацаніла някрыўдны Ігнатаў гумар. Ёй здалося, што яна даўно знаёмая з гэтым хлопцам: проста размінуліся ў дарозе, а цяпер сустрэліся зноў…


«А ён добры чалавек»,— гледзячы ў акно, за якім ужо трохі пасвятлела, падумала Вольга.

Ёй нясцерпна захацелася ўбачыць сёння Ігната. Але ведала, што той заняты ў вучылішчы. Паспешліва развітаўшыся з хлопцамі, яна спусцілася ў гардэроб.

Ля шэрых калон, што падпіралі доўгі мудрагелісты карніз, Вольга спынілася. Ёй чамусьці здалося, што яна нешта забылася ў клубе.

— Можа, хоць вам жаніх патрэбен? — пачула яна такі знаёмы голас.

На прыступках у блакітнай, падшытай футрам куртцы стаяў Ігнат. Выцягнуўшы шыю і расхінуўшы рукі, ён, як той пінгвін, няўклюдна пераступаў з нагі на нагу.

— Вось засумаваў…— вінавата аднымі куточкамі вуснаў усміхнуўся Ігнат.

— Ты даўно чакаеш?

— Дробязь,— ён паклаў халодную далонь на яе руку, і Вольга здагадалася, што Ігнат чакае даўно.


Пасля дажджу ўзяўся лёгкі марозік, і адразу на асфальце з’явіліся сінія малюнкі, якія, пераплятаючыся паміж сабой, нагадвалі недатканы дыван.

— А нам шанцуе на дождж і вецер,— ціха сказала Вольга.— I тады, калі я ехала «зайцам», і сёння, калі ты прыйшоў так нечакана,— дождж.

— Дык жа добрыя людзі прыносяць з сабой непагадзь,— адгукнуўся Ігнат.— Пра гэта яшчэ ў святым пісанні гаворыцца…